Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

З ДНЯ Ў ДЗЕНЬ…

Жывём з дня ў дзень мы столькі лет,
А ўсё тым ладам, як жыў дзед,
Галовы клонячы з пакорай;

Адвечных крыўд, адвечных бед
Ня бачым мы, ня бачыць сьвет,
І не пабачым мусіць скора.

Праз столькі лет, праз столькі зім
Цьвіце ў вачох пацёмкаў дым
І зьвесьці не хапае сілы;

Відаць, сьвятла ня знаці тым,
Хто нарадзіўся ўжо сьляпым, —
Такім ён дойдзе да магілы.

Жыві з дня ў дзень, цягні ярмо,
Ў крук плечы гні, кажы: дармо!
Ня так яшчэ умею, браце,

Ямчэй сабе сам ладзь прызьмо,
Каб не парвалася само,
Бо як ярмо тады цягаці!?

Ці быў прыгон, ці ёсьць прыгон, —
Шануй закон — матай паклон,
Бо вылеціш і з роднай хаткі.

Пачуеш звон — кажы, што стогн, —
Знай, брат пакінуў свой загон,
На той сьвет складывай манаткі.