Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 4.pdf/207

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЯНУШ

сьціха

Табе-ж казаў я, цябе-ж прасіў я…
Чаго-ж яшчэ ты?


ГАЛЬКА

смутна на яго спазірае, хапаецца раптам з упрокам за галаву і моўчкі сядае на лаўцы.

ЁНТАК

выходзіць наперад сцэны, пакорна кланяецца Янушу

Панок, — то я!

ЯНУШ

пазнаўшы яго, з прыдушаным гневам

І скуль-жа ты вясьці пасьмеў
З далёкіх гор няшчасную дзяўчыну?
Што? Ў вёсцы там ня добра вам?
Што? Ёй там крыўда?
Кажы, чаго хацеў?

На бок

Пракляты хам!
А гэта знова звар‘яцела.

З гневам

Бяры яе, хутчэй вядзі яе!
Падзяку пан, знай, дасьць, як споўнім дзела.

ЁНТАК

О, пане наш, мей літасьць ты!
Ёй бацька ўмер, сяйбіт сівы,
І ўжо даўно ў зямлі сьпіць маці…
За сіроткай бог, бог толькі сам—і капля сьлёз!

Цішэй

А людзі людзьмі — кпяць і сьмяюцца там…

Хвіля маўчаньня, раптам з насьмешлівай пакорай

О, добры пане! Жудка з доляй ёй!
Адплаціць вам бог за літасьць у няшчасьці.