Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

АКТ ПЕРШЫ

Час каля Купальля. Паўдня. Хата Зябліка.

МАРЫЛЯ — хворая, то сядзіць, то ляжыць на ложку. ДАНІЛКА на зямлі скрыпку майструе. СТАРАЦ сівы, як голуб, абчэплены торбамі і з кіем у руках, сядзіць на лаве.

ЗЬЯВА I

МАРЫЛЯ — ДАНІЛКА — СТАРАЦ

СТАРАЦ

Так, так, пані гаспадыня! Заўсёды бяда бяду вядзе, але ніколі ня трэба здавацца. Ліха перамелецца, і ўсё добра будзе. Калісь і мяне ціскалі няшчасьці з усіх бакоў, а цяпер… Э! Што казаць? — Жыву сабе і гора ніякага ня знаю. Торбачкі за плечы, кій сукаваты ў рукі і хаджу сабе, як ні ў чым нябывала, па дарожках-пуцявінках. Так, так, пані гаспадыня!

МАРЫЛЯ

(гаворыць з трудом)

Гэта-ж толькі падумаць, дзедка. Мала ўсялякага безгалоўя, а тут на табе, яшчэ гэта хвароба. Лета не за гарою, скора касьба пачнецца, жніво, работы гібель, а ты ляжы тут прыкаванай да ложка, як пакутніца якая. Ляпей хай-бы ўжо сьмертачка прышла на маю галаву няшчасную, дык хаця-б хаты не завальвала. Ня так я вясну спатыкала і праводзіла, як мне сёлета прышлося, ох, ня так, як і сам знаеш! (Кашляе). А гэты суд у майго з дваром… То-ж не давядзі ты божанька. Гаспадарку ўсю змарнавалі, да няма нічога дайшлі, і сягоньня ўжо ня ведаеш чалавек, дзе заўтра сонейка прыдзецца сустрэнуць. Ох, божа ты наш справядлівы, за якія грахі цяжкія караеш ты нашу сямейку! Ах, як-жа цяжанька! Падай мне вады, Данілка. (ДАНІЛКА падае).