Ляцім… Вось прыехалі, вылезьлі з санак;
Сабака брахнуў, і хтось вышаў на ганак.
— А хто там? — так чуем. — Свае, кажам, людзі.
— «Дык проша-ж у хату! — Сват нешта марудзе.
Ідзём. Вось і ў хаце. Лучына пылае.
Я толькі гляджу, дзе мая маладая.
З парогу сказалі, як сьлед: „… пахвалёны!“
— На векі! — сказаў гаспадар на паклоны,
І просіць садзіцца. Мы селі на лаве.
Ці гладка рэч, думаю, пойдзе аб справе?
Ня быўшы ў такіх пераплясах ніколі,
Сам неяк ня свой ды баюсь мімаволі.
Дасталі тытун, затуманілі люлькі, —
Капшук мой быў слаўны — дастаў ад бабулькі, —
І, як-бы нідзе ні аб чым і ня дбаем,
З пустога ў парожняе пераліваем:
Адны хтось маўчаць з нас, а слухаюць тыя,
Ці тыя замоўкнуць, каб чулі другія.
Прашло з поўгадзіны. Тут сват азірнуўся,
Выходзіць у сенцы, з бутэлькай вярнуўся
І гутарку аб інтарэсе заводзіць.
— Пачну, кажа, проста: круціць нам ня ўходзіць.
Прыехалі к вам мы тавар аглядаці;
Барыш на стале во, і мы ў вашай хаце!
(Вось гэтак, прымерам, па добрай ахвоце
Сваты пачынаюцца ў нашай прастоце).
Тут наш гаспадар, як ні ў чым ня бывала,
Вядзе ў сенцы нас, дзе кабыла стаяла!
— Эх, лоўкая, шэльма, і ўсё есьць ахвотне!
Няма ў бягу лепшай. Аддам за поўсотні.
Гіршонак гаенскі прыходзіў сягоньня,
Бяз торгу клаў сорак і пяць на далоні. —
Як гэта пачуў я, ўсяго аж затрэсла!
Куды тут нячыстая свата занесла?
А ён (пакой вечны!) — ня сьцяміўшы рэчы:
— Мы ў сваты прыехалі к вам, чалавеча!
Хлапец і ня бедны і добрай натуры,
Завецца Міхалка, жыве каля Жмураў… —