Я па закону і па веры
Ганю свой быт паміж людзей;
Жыцьцё сваё ўжо так разьмерыў,
Крывулі ў ім каб ні аднэй.
Таму я — кум, таму я — сват;
Той мне, таму штось вінен я;
Такі на ўсё ў мяне пагляд,
Такая мэта ўжо мая.
*
Да гаспадаркі маю клёку:
Як дзед, як прадзед, так вяду;
Штось мо‘ й ня так, як глянуць з боку
Але я дзьму на ўсё ў дуду…
Кусток лазовы, ўзрэхаў рад —
Ня бачу ў гэтым грэху я.
Такі на ўсё ў мяне пагляд,
Такая мэта ўжо мая.
*
Я к працы здатны і ахвочы —
З гультайствам дружбы не вяду;
На тое бог дзянёк рабочы
Даў чалавеку на раду;
Тры-ж дні якія ў тыдзень сьвят
Прасьвяткаваць магу і я.
Такі на ўсё ў мяне пагляд,
Такая мэта ўжо мая.
*
Жыву з суседзьмі пасуседзку, —
Пакорны згоды я слуга:
Ня быць нікому ў воку рэдзькай
Я век стараюсь, як мага.
Які-ж „на козыр“ возьме „гад“ —
Дзяржу ў руках кол ёмка я.
Такі на ўсё ў мяне пагляд,
Такая мэта ўжо мая.
|