Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/249

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЁН І ЯНА

Гэткай пары на сьвеце
Роўных ім ня было:
Ён арлом мог глядзеці,
Ёй да твару ўсё шло.

Без яго ёй ня жыці,
А яму без яе,
Думка ў думку злажыці
Так умелі свае.

Не чапалі іх мукі,
І ні крыўда, ні плач,
Да ўсяго мелі рукі —
Толькі знай, толькі бач!

Слава йшла полем-борам,
І то йшла ня‘ бы як —
Ажна цёмненькім зорам
Было зайздрасна так.

Скуль яны узяліся,
Гэта ім толькі знаць:
Да іх кожны маліўся,
Ці за іх — не згадаць!

Так жылі, многа сьцёрлі
Лет сваіх маладых;
Як жылі, так памёрлі,
Пахавалі так іх.

Так патухла іх імя,
Дый праз завід, ці што,
Не заплакаў над імі
І нідзе, і ніхто.

Толькі чулыя людзі
Ўзьнесьлі насып з зямлі,
Далі камень на грудзі,
Напіс важны далі: