Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/247

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ВУЧЫСЯ

Вучыся, нябожа, вучэньне паможа
Змагацца з нядоляй, з няволяй…
Што мучыць сягоньня, што думкі трывожа, —
Зьбяжыць і ня прыдзе ніколі.

Жаль згіне, як мара; ня будзеш няздарай,
Нідзе і ні ў чым не заблудзіш;
Ты праўду ў няпраўдзе, як сонца між хмараў,
Спазнаеш, раз цёмен ня будзеш.

Такая прынука, як труд і навука,
Ціж можа нам сіл не дадаці?
З такімі сябрамі, знай, будзе ня штука
І гора сваё зваяваці.

Паўнейшай адрынка, сыцейшай скацінка,
Ой, будзе — а толькі вазьміся!..
І знойдзецца ў працы аддыхі часінка,
І ў крыўду ўрагом не дасіся.

Крыўдзіцеляў зможаш, сьлед вечны праложыш
І к долі, і к волі, і к славе…
Адно ты прачніся, вучыся, як можаш,
Ці дома, ці на школьнай лаве.

Ўсе людзі значэньне пазналі вучэньня,
Адзін толькі ты ані дбаеш!
Цямней, беларусе, ад ночкі асеньнй,
І шчасьце-ж такое ты маеш…