Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/227

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Галовы людзі пахіліўшы
Зямлю капалі, як краты,
Ўтапіўшы ў мёртвай ночнай цішы
Усе жаданьні яснаты.

Прарок — пасол сьвятла — ў загону
Людзей убачыўшы такім,
Маячыць стаў ім, як шалёны,
Прарочым голасам сваім:

Паўстаньце, рабскія натуры,
Пакіньце свой адвечны сон,
Загаманеце віхрам, бурай,
Каб ажна дрогнуў ваш палон!

Глядзеце: прадзедавы косьці
Ў зямлю калісь за вас ляглі,
А вы, як збэшчаныя госьці,
Пракляцьцем сталі тэй зямлі.

Дзе вашы песьні жыватворны?
Дзе ў вас прарокі й дудары,
Што над пагібельнасьцяй чорнай
Віталі-б полымем зары?

Забылі ўсё, згубілі долю,
Зьмяшалі славы цьвет з гразёй
І запрадаліся ў няволю,
З душой і скурай счэзьлі ў ёй.

Пара у рукі браць паходні,
Ўставаць, ісьці, ноч расьсьвятляць!
Бо што ня возьмеце сягоньня,
Таго і заўтра вам ня ўзяць.

На зло крывавым перашкодам
Скідайце ёрмы, клічце сход
І дайце знаць другім народам,
Які вы сільны йшчэ народ!