На марозе, на мяцеліцы
Прынёс сівер зіму срогую;
Людцы песьняй не вяселяцца,
Ў хаты крыюцца з трывогаю.
Ўсё замёрзла пад пялёнкаю
Сьнегу белага, халоднага;
Страх мець холад над старонкаю
Для убогага, галоднага!
Ня плач, бедны, сьлязой горкаю!
Да вясны трэба памучыцца:
Ўзойдзе доля новай зоркаю,
І няшчасным папець лучыцца.
Мей надзею ў сэрцы ясную,
Што ня век зіма паношыцца,
І бяз жальб, што шлеш напрасныя.
Сьлёзы высахнуць па крошачцы.
Белы стрэхі, бела поле;
Змоўкла птушак сакатаньне.
Гайда, Янка! Вось раздольле!
Кінь калёсы — выладзь сані!
Заскакаў мароз па сьценах,
Віхры ў коміне галосяць;
Дроў у хаце ні палена,
Дзеці, жонка есьці просяць…
Ня пужайся гэткіх хмураў:
Шмат у горад шурак трэба;
Хай-жа дрогне лес пануры, —
Папрасі сякерай хлеба!
|