Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/196

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ПРЫШЛА ВОСЕНЬ…

Прышла восень, мужычок,
Ой, прышла!
Глянь, што ў пуню і тачок
Прынясла.
Працаваў ты, працаваў
Круглы год,
Разьліваў ты, разьліваў
Кроў і пот, —
Надзяліў-жа малайца
Труд вялік:
Налажыў куток сянца
Наш мужык.
Злажыў торпамі ў таку
Скарб — снапы:
Акалоту у кутку
З поўкапы;
З копку грэчкі і аўса
Ў другі кут.
Вось і плата табе ўся
За твой труд.
Ідзі ў ток, ідзі да дня
Цэпам бі,
І кароўку і каня
Накармі.
Адбяры, што ўзяў вясной.
Ў магазын,
Насып мех ты збажыной,
Вязі ў млын…
Прышла восень, мужычок,
Ой, прышла!
Глянь, што ў пуню і тачок
Прынясла.
1907 г.