Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/185

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

АРАТЫ

Цягнецца араты
За сахой крывой;
Конік сьлепаваты
Трасе галавой.

Бражджыць, скача сошка
То на пень, то з пня…
Цяжанькая ношка,
Араты, твая!

Стаў з трудоў гарбаты,
Хоць яшчэ ня стар,
Падбел пабіў пяты,
Загарэў ўвесь твар.

І ногі, і рукі
Крывыя дрыжаць;
З якой, ах, прынукі
Мусіш гараваць?

Што цябе ганяе
Так трудзіцца век:
Ці доля такая,
Ці зьвер-чалавек?

Ну, ідзі, араты,
Гэй, далей ідзі!
Шнурок вузкаваты
Ары, не глядзі.

Ў сыру зямлю прутка
Сошку закладай,
Каня пугай хутка
Гані, паганяй.

Скібіну ў скібіну,
Загон у загон,
Вылі дзесяціну,
Ня лічы варон!