Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/149

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

МАЯ ЖОНКА

Не хачу я жонкі
Не з сваёй старонкі,
Як я — багацейшай,
І як я — мудрэйшай.

А вазьму такую,
К якой любасьць чую,
Што мяне палюбіць,
Як сябе самую.

Будзем з ёю жыці
І долю хваліці,
Весьці лад у хаце,
Дзетак гадаваці.

І так жыць па праве
Ў добрай будзем славе,
Покуль хаўтуроў нам
Злая сьмерць ня справе.