Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/13

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЧЫМ ХАТА БАГАТА

Усяго па крысе
Знойдзеце вы гэтта, —
Пры сасе, пры касе
Собрана за лета.

Шчырым сэрцам, душой
Складана ня хітра,
Знама — свой, не з якой
Там „зьвёздкай“ ці мітрай.

Што-нібудзь мо‘ ня так —
Прашу прабачэньня;
Трудна ў рыхт — часу брак,
Мазаліста жменя.

Мо‘ і радасьць тут — госьць,
Больш нуды праклятай;
Вось бярэце, што ёсьць,
Чым хата багата.

Што у думках я меў,
Кепска даць ня браўся,
Хоць, як скованы леў,
Туды-сюды рваўся…

Людзі мруць, а ўсё ждуць
Багатшай уроды,
Мо‘ і к нам прыбягуць
Шчасьнейшыя годы.

О, тады сноп у сноп
Жніва наша будзе…
Сотня коп, мільён коп…
Дзівуйцеся людзі!

А цяпер, што цяпер? —
Бывайце здаровы!
Чэсьці дайце прымер
Для радзімых словаў.