Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/114

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ХОХЛІК

Як зайграе ў лесе хохлік, —
Замірае песень воклік;
Як зачэпіць мох і лозы, —
Аджываюць сьмех і сьлёзы…

У цёмным яры скачуць чары,
Кветка чахне на папары,
Лісьць трасецца на асіне,
Вогнік блукаецца сіні.

Барадой лясун ківае,
Шалы нетрай спавівае;
Ваўкалак за дамавінай
Выпаўзае на пуціну.

Ад загону да загону
Хохлік царскаю каронай
Карануе у сусьветы
Сухалесы, пустацьветы.

Хохлік грае, ведзьма скача,
Ноч сьмяецца, сонца плача,
Толькі песень ня чуваці
На стаптанай сенажаці.