Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/111

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ВОЎК

Топчучы верас і мох
Цёмных імшараў і лоз,
Выбрыў на сонны разлог,
На аплясьнелы пакос.

Зубам ляскоча аб зуб,
Вочы палаюць агнём;
Стаў, як калода, як слуп,
Стаў і азваўся выцьцём.

Выў сярод дрэмлючых ніў,
Як-бы на суд каго зваў,
Хто сатварыў, спарадзіў,
Хто узрасьціў, гадаваў.

Ноч — ён на вырай, на жыр;
Дзень — у бярлогу, як смоўж…
Пустка удоўжкі і ўшыр,
Пустка ушыркі і ўдоўж…

Выў ён, а рэха ўсё ў даль
З рогатам дзікім плыло,
Толькі ня віўся ў ім жаль…
Рэха пракляцьце нясло.