Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/52

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Я НЯ СОКАЛ…

Я ня сокал зоркавокі,
Не арол адважны,
Што так думна за аблокі
Ўзносіцца з іх кажны.

Нават я не салавейка,
Што пяе так слаўна,
А я толькі верабейка,
Ўзрошчаны пад Гайнай.

Як ён, край шаную родны,
Не ляту ў чужыя,
І з зімой б‘юся халоднай,
Хоць-та сэрца ные.

Як ён, сеў-бы дзе на плоце
І песьні чырыкаў,
Людцаў родных-бы ахвоціў,
К лепшай славе клікаў.

Як ён сад — я хатку, поле
Люблю, хоць ня маю,
З верабейкавай і доля
Мая роўнай, знаю.

Верабейку стужа змора,
Або ястраб схваце,
Мяне-ж зломе маё гора,
Ў зямлю кіне спаці.

Над магілаю крыж з хаткай
Паставяць мне людзі,
Верабейкава-ж дзіцятка
Нада мной пець будзе.

І мне будзе смуткаў меней,
Лежачы ў заперці…
За жыцьця — сьлёзы цярпеньне,
А песьні па сьмерці.