Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/283

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ПАМЯЦІ С. ПАЛУЯНА[1]

Куды ідзём?.. куды пракляцьце нас вядзе?
Якія далі здабываем?
Дзе гарт, надзея, вера ў будучыну — дзе?
Чым сэрцы, думы акрыляем?

Няшчасны край! чым быў, чым стаў, чым будзеш ты
З сваім век стогнучым народам?
Як нёс — нясеш ярмо упадку, сьлепаты,
І зьмен чакаеш год за годам.

Чакаеш ты… а толькі жалабы ўсё чуць;
Асот уеўся ў твае гоні;
Сыны твае загубе сілы аддаюць,
Губляюць косьці ў бяспрытоньні.

Сьцяжыны замкнуты туды, дзе ясны быт
Душы ня кідае ў бадылі;
Шырок гасьцінец вечна толькі чыст, адкрыт
К шынку, вастрогу і магіле.

З канца ў канец залеглі толькі туманы,
Адвагу выгнала трывога:
З-пад хмар зьлятаюцца на жыр свой груганы,
Над гэтай грагаюць пажогай.

Куды ідзём?.. У паніжэньні, ў цемнаце
Яшчэ адно загасла сэрца,
Хоць так прыветна біла зорам, яснаце,
Як толькі душ вялікіх б‘ецца.

Ня стала сіл змагацца з блудам векавым,
Змагацца з доляю няшчаснай,
На радасьць недругам, на жаль нямы сваім
Прыбыў курган, курган напрасны.

  1. С. Палуян — адзін з першых таленавітых беларускіх публіцыстых, рэволюцыянэр па перакананьнях. Рэд.