Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/25

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Сьвет цэлы зіяе каберцам,
Шум нейкі ад пушчаў нясецца,
З грудзей, як ня выскача сэрца,
Душа кудысь рвецца… ўсё рвецца…
Прачнуліся нівы і хаты:
Ўся ў полі людзкая сямейка;
За сошкай шнуруе араты,
Ля статку іграе жалейка;
З сяўнёю сявец пахаджае,
На скібіны валіцца зерне,
Знаць, сіла ў сяўца не малая…
Захоча — і сьвет пераверне!
Гэй, гэй, хлебаробе мазольны,
Пан сошкі, і коскі, і поля!
Кінь выгляд сьлязьлівы, нявольны:
Ў тваіх руках слава і доля![1]

|}

І характэрна, што часта да прыгожасьці натуры поэтаю прыдаецца той ці іншы элемэнт з процэсу сялянскае працы, з галіны думак і надзей селяніна. За правіла ўзята Янкаю Купалам — увесь пераплёт, усю гаму сваіх зыкаў браць фонам для малюнку на ім праяў людзкога, сялянскага жыцьця ў абойме ўсяе Беларусі.

Лірыка і вялікая колькасьць баек (цэлы аддзел у зборніку „Шляхам жыцьця“) прыстасаваны ім да агульнага вобразу — у сучаснасьці і ў наступным — працоўнай Беларусі. Сучаснасьць — у выяве яе да часу заснаваньня Беларускай Савецкай Рэспублікі — гняла Янку Купалу, ціснучы яго душу, усягды маладую, загартаваную і поўную веры. Гэты ўціск, прызнацца, досыць прыкметны, асабліва ў яго лірычных творах. Але пераказваем і сьцьвярджаем, што на мінорных тонах ён нядоўга спыняўся, часта знарочыста прыдаючы чорнае хварбы сваім палотнам. Наступнае, інтуіцыйна прачуванае ім, цягнула песьняра да сябе, надаючы яскравай натхненнасьці, спадзяванак. Можна даць шмат прыкладаў таму, што творы Янкі Купалы, у якіх поэта чапае будучыны, жаданьняў, веры, — тыя творы блішчаць асабліваю здольнасьцю і беспасрэдным пачуцьцём свайго творцы. Прымяраючы квадры году да сымболізаваньня людзкога жыцьця, Янка Купала топіць у хвалях радасных напеваў аб вясьне і леце

  1. „Шляхам жыцьця“, ст. 75.