Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/208

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

А Зося за шыю да сэрца прыцісьне:
„Ой, Янка, ой, лгун, ты пляцеш так сумысьне,
Ці-ж Зосі ня верыш, што шчыра так любіць,
Што Янку праз любасьць напэўна ня згубіць?
Як любіць сягоньня — любіць будзе вечна,
І Янка мой добры спаць можа бясьпечна“.
Так Зося гавора, і Янка забыўся,
Што з паннай з багатай так шчыра зьлюбіўся, —
Цалуе, мілуе, і ночкі ім гэтак
Мінутай праходзяць; аж летнія ўсе так
К канцу ўжо збліжаліся; поле пусьцела,
І восень падходзіла сьціха, нясьмела.
І вось хоць нарэшце лёс чорны іх здрадзіў:
Падгледзіў брат Зосін іх сходкі у садзе.

Ноч цёмнай пасьцілкай зямлю абхінула,
Жыцьцё ўсё замёрла, прырода заснула.
На небе дзе-не-дзе забліскалі зоры,
Наехалі хмараў дажджлівыя горы,
І зоркі пагасьлі, і ўсё сьпіць у згодзе,
Адзін чалавек толькі сну не знаходзе.
Ня сьпіць пан Лаўчынскі, той шляхціц багаты,
Агонь яшчэ сьвеціцца з панавай хаты.
Страшэннаю помстай палае блюзьнерца,
Як ноч на Пакровы — сам чорны і сэрца;
Ня бача ён сьвету, ні праўды, ні бога,
Ня хоча ўжо знаці нікога, нічога,
Ўсё ходзе па хаце, шалее са злосьці.
„Як можна? Шляхцянка — род панскі, косьць з косьці —
З мужыцкай крывёю зьмяшаціся хоча!
На сьвет паказаці ня будзе як вочаў.
Той Янка, хамула, паненку абыме…
О! сьмерць яго ўперад з зямлі гэтай прыме!“
Так чорныя думы адна за адною
Снуюцца ў тырана, як стада зімою
Ваўкоў згаладалых, ня сытых ніколі,
Шукаючы жыру, валочацца ў полі,
Валочацца, аж дзе ахвяру спаткаюць
І выдзеруць сэрца, і вочы зглытаюць.
Эй, страшна, эй, жутка спаткацца з ваўкамі,