Сьвяціла сонца, птушкі пелі,
Была вясна ўжо дзьве нядзелі, —
Гняздо клаў бусел-клекатун;
Лясы ўжо пукацца хацелі
І песьні весела шумелі;
Шукаў ахвяр сваіх каршун.
Але зьбірацца сталі хмары,
Крукі паселі на папары,
Запеў а полудні пявун;
І сівер з поўначы павеяў,
Сьнягамі ўсю зямлю абсеяў;
Азябшых птушак б‘ець каршун.
І будзе так са дзьве нядзелі:
Заціхне птушчына капэля,
Замоўкне бусел-клекатун; —
Ажно устане зноў з пасьцелі
Цяпло — і сьвет сабой засьцеле, —
Загіне з выстралу каршун.