Перайсці да зместу

Старонка:Як усьцерагчыся ад сыфілісу.pdf/26

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Усе заразьлівыя мікробы, як толькі трапяць у цела чалавека (з вадой, з паветрам, праз маленькую раначку на скуры), пачынаюць хутка пладзіцца і псуюць кроў, выпускаючы з сябе атруту.

На першы погляд здаецца дзіўным і нават мала зразумелым, што гэткія драбнюсенькія жывёлінкі, якіх нават вокам ня ўзгледзіш, і могуць атруціць дарослага чалавека.

Успомнім пра пчалу. Калі адна пчала ўсадзіць джгала і ўпусьціць нам пад скуру кроплю атруты, то моцна баліць, скура ў гэтым месцы пачырванее, набракне, але чалавек не атруціцца.

Аднак-жа, ведама, што калі шмат пчол пакусаюць каня, дык конь здыхае. А конь куды мацнейшы за чалавека. Каб голага чалавека пакусала многа пчол, дык чалавек бязумоўна памёр-бы.

Адгэтуль відаць, што атрута аднае пчалы ня страшна, але ад вялікай колькасьці пчол будзе многа атруты, якая можа атруціць самага моцнага чалавека. Гэтак і мікробы. Атрута ад аднаго мікроба ня мікроба ня можа пашкодзіць чалавеку. Калі-ж у целе чалавека расплодзіцца гэтых мікробаў тысячы і мільёны (а плодзяцца яны вельмі хутка: з аднаго мікроба ў працягу гадзіны плодзіцца поўмільён мікробаў) і ўсе гэтыя мікробы разам выпускаюць гэтулькі атруты, што чалавек ад яе памірае.