Старонка:Як вясну гукалі (1927).pdf/56

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

сьмешнае месца ў п‘есе, мужыкі й бабы папросту рагаталі; больш ён любіў спаўняць ролю п‘яных… Не сароміўся таго, што яму большы за трыццаць год, і што жанаты і сярод маладых, а рабіў гэта сур‘ёзна і стала…

Сэкратар ячэйкі — Сяргей — задуменны і заўжды аб нечым разважае; то вясёлы, то маўчыць, як камень…

— Вот што, брат! — сакрэтна гаворыць мне. — Такія ў мяне настроі бываюць, хоць вазьмі ты ды задавіся… І сэкратар, і член сельсавету… шмат працы… ды гэта-б яшчэ нічога… павіс я між небам і зямлёю… Працаваць я люблю і неадмоўлюся ні разу, ня ў гэтым справа… Далей вучыцца хачу, а ў дварэ работаць няма каму: бацька з маткаю і ўсё. Кончыў сярэднюю школу, думаў — паеду вучыцца, а тут — аддзяліўся брат ад бацькі. Пакінуць бы ўсё, ды йці ў горад — дык, брат ты мой, гэта-ж мукі. Цяпер, гаспадарку трохі паставіў на ногі, а паеду — разваліцца ўсё!..

У такія часы многа курыць, бывае п‘яным, а я суцяшаю:

— Не, Сяргей, пачакай крыху, падумаем… У мяне становішча таксама ня лепш твайго. У мяне ёсьць такі плян: перад вясною паехаць у горад, зарабіць там грошы, а тады папробаваць лезьці ў унівэрсытэт…

— Гэта-б, Юрась, добра было… — тады супакойваецца — і строіць далейшыя пляны. — Вядома, не забылі-б Чмарава, атрымлівалі весткі-б, пасылалі-б туды газэты… Адным словам, добра было-б.

І было ў сэрцы імкненьне, а ў грудзёх — малады жар.