Перайсці да зместу

Старонка:Як вясну гукалі (1927).pdf/43

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Быццам і добрая каса, — кажа ён нагінаючыся, — год дзесяць ужо кашу бязьзьменна, канавалка… І раса ёсьць, а ня косіць, ці не пакляпаць-бы яе?…

Ужо скінуў сваю вопратку ды застаўся ў адной кашулі. Гаворыць ён між намі рэдка, ціха, а больш маўчыць; і так заняты гэтай справаю, шчыльна абкашываючы ля кустоў.

Застанаўліваецца Нічыпар і бярэць з-зубоў маленькі недакурак, ганіць Макараву справу:

— Кінь ты, дзядзька Макар! Ад гэтага, што ў кусту жменю якую адкосіш, не прыбавіцца к табе, толькі маруда тут адна…

— Маруда — не маруда, а трэба-ж: гэта-ж не прыгон які, а сам сабе.

— Усё роўна не пабагацеем! — няўнімаецца Нічыпар.

Яшчэ цёмна, як звычайна ўлетку, прышлі касцы за дзьве вярсты ад дому… Трава дрэнная, з кустоўем, дык і касіць цяжка. Але — звонка шалясьцелі косы, з пакосаў сьвежай травы йшоў цёплы, як дыханьне, пар. Над балотамі стаяў туман — празрысты і нярухомы. Калі паглядзіш у даль, дык яна — званлівая, саромлівая, — обцягнулася зубамі лесу, што як чорна-сіняя і густая сьцяна.

Побач, вялікім шнурам, на сваіх дзялянках расьцягнуліся плоймай касцы…

Рэдка калі абыходзіцца на пакосе бяз лаянкі ці якой там буры. Адны зайздросьцяць выкасіць чужы клок сена — з-за карысьці якой, ці проста па звычаю ад дзядоў. Тады ходзяць цэлым натоўпам разьмерваць сенажаці — з гужышчам ці доўгім сажнем. Тады званчэй, чым косы, грыміць лаянка больш заядлых і доўга вісіць яна ў ціха-жаркім паветры.