Старонка:Як вясну гукалі (1927).pdf/36

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Званар у царкве - Аксён, аблыселы на галаве, а на шчаках аброслы мохам. Як толькі зазвоніць ён разам у тры званы, птушкі спалохаюцца ды доўга лётаюць над пакрыўленым купалам, купаючыся ў сіні нябёс. А званы доўга вызваніваюць кадрыль, пакуль не пачнуць зьбірацца ў нядзелю старыя бабулькі з дзядамі, а маладых ён ужо даўно не заве, — толькі калі хто вянчацца задумае, тады Аксён звоніць надта доўга і ўпарта. Старыя звычайна прыходзяць з вёсак рана, з лапцямі пад пахаю, а тады садзяцца на цьвінтары і абуваюць новыя лапці з белымі анучамі; доўга міжсобя вядуць гаворку на самыя рознастайныя тэмы: аб жыцьці, аб непарадках, аб крыўдах у сям‘і. А мужчыны больш гавораць аб рэлігіі, пісьменныя разьвязваюць пытаньні вытрымкамі з Бібліі, другія проста слухаюць ды гойдаюць галовамі, абвінавачваючы маладых у нявер‘і. Сядзяць, пакуль ня прыдзе поп. Падыходзіць ён, роўна трымаючы галаву, а бабулькі дробнымі крокамі падходзяць пад бацюшкіна блаславеньне, шчыра цалуючы ў засос рукі. Дзяды трымаюць сябе больш стала, устануць, схіляць галовы, — лысыя ды сівыя — трымаючы ў руках шапкі. Толькі поп Назар Мікольскі ўвойдзе ў царкву, бабы, здаволеныя важна пойдуць сьледам ды пачнуць біць паклоны; стануць на левым баку, а мужчыны абавязкова на правым… Так і стаяць усю службу два дзясяткі чалавек; людзі ўпэўнены ў сваёй сіле, у непамылковасьці сваіх пачуцьцяў, поўныя нязграбнай веры ў „той сьвет“…

Аксён стаіць, абапёршыся на падаконьнік званьніцы, трэць рукою лысіну ды глядзіць на зялёнае поле. Адсюль добра відны вакольныя вёскі, зялёныя палі з лугамі, лес за сялом. Ён абыякава да тага-