Старонка:Як вясну гукалі (1927).pdf/25

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Вось ужо Курыла Жук махнуў рукою і пашоў далей, нацянькі к гародам, хістаючыся ды вымаўляючы:

— Ты, дзед, ня злуйся, што я п‘яны, гэта я задатак узяў… гумно сягоньня к чорту махнуў, прадаў. значыцца, дык было паўгарца задатку, ну-у…

Ня скончыў, а загаварыў аб іншым:

— У ўсякага, між намі кажучы, свая дарога: я адною, другі другою, і — значыцца — ніхто ня сьпіхне з дарогі, бо між намі кажучы…

А дзед зьняважываў гэтага чалавека.

— Вот жывець-жа чалавек! — сьпіпла гаворыць дзед — распуста нейкая пашла цяпер. Жонка з дзецьмі адна гаруе — клапоціцца, а ён п‘ець, як ваду праклятае гэта зельле…

На гародзе Халімонаў Адась моцна лаецца з сваёй жонкаю Грыпінай. За тое яны, што Адась, зарабіўшы грошы, прапіў учора да капейкі, а вясною няма хлеба. Адась яшчэ малады, а Грыпіна ўжо старая і гаворка ў яе жаласная, мусіць плачыць:

— Зьвёў ты мяне з пуці, п‘яніца!.. Разарыў ты мяне, каб на цябе хвароба, як я сохну з-за цябе…

— Што-о? — чуецца грозны вокрык Адася. — Я сохну з-за цябе, а ня ты… А калі я прапіў, дык, значыцца, я нажыў, а ня ты…

— А-ай, родныя, ратуйце! — крычала Грыпіна.

— На што цябе ратаваць? — ужо спакойна гаварыў Адась; — ні якая трасца к табе ня прыстане. Пакрычыш гэта ды й змоўкнеш, а я зараблю грошы яшчэ!

Гэта ён дадаў, каб суцешыць яе.

Тады сядзеў на дошках, за дваром, апусьціўшы на рукі стрыжаную галаву, сам з сабою гаворачы: