Перайсці да зместу

Старонка:Шчасьлівы муж. Ф. Аляхновіч.PDF/59

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Гаўдэнт. Але вы самі разумееце, што са мной робіцца! Жонка ўчора як выйшла з хаты, дык дагэтуль не вярнулася… Але яшчэ скажу вам вось што: нашто вы ўсё гэта зрабілі? нашто вы ўсіх нас гэтак ашукалі? нашто вы сказалі, што вы граф?.. „Граф! граф!“ — ну што граф? Мы людзі простыя, без царамоніі, мы-бы вас і так добра прынялі, дык нашто задзіраць нос у гару: „граф! граф!"

Мар’янна (ціха да Мацальскага). Ён зусім не вар’ят.

Мацальскі (таксама да Мар’янны). Не! Вар’ят! Зусім вар’ят.

Гаўдэнт. А яшчэ задурылі галаву панне Уршулі. Якіясь запісачкі, тынды-рынды… Не гожа!.. Калі-б захацелі жаніцца, дык трэба інакш, а не гэтак… Так сорамна, не ганорна.

Мар’янна (да Гаўдэнта). Штооо?! жаніцца? О! гэта дык выбачайце! Гэта ўжо дарма… Я ўжо пярсьцёнікі купіла, у гэту нядзелю першыя запаведзі будуць… О! зараз! жаніцца!! А фіга з макам!.. І годзі ўжо ўсяго гэтага. Зьбірайцеся і йдзеце сабе дамоў, або шукаць жонкі, як да спадобы, а з намі гутарка ўжо кончана. (Бярэ яго за падпаху і хоча весьці да дзьвярэй. У гэты час Гаўдэнт пабачыў на стале торбачку сваей жонкі).

Гаўдэнт. Чакайце! А гэта што? Гэта маей жонкі торбачка! Скуль яна тутака?

Мацальскі. Якая торбачка?.. Не! гэта панны Уршулі торбачка.

Уршуля. Не, гэта не мая. Я сваю маю.