Старонка:Шчаслівая дарога (1935).pdf/8

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Зрэдку зойдзе хто знаёмы,
Грышка моўчкі, стараною
Слухаў пільна свежы гоман
Пра жыццё-быццё людское.
А часцей за ўсё заходзіць
З гушчы лесу, быццам злодзей,
Госцем злосным, нежаданым,
У бярлогу хутаранаў
Быстраногі шэры воўк.
І тады — ў двары трывога,
Крык гарэзны ў лес-дарогу
Мчыцца ўслед за быстраногім.
Неўзабаве сціхне зноў.
Зноў самотны Грышка гляне,
І, як сэрца хто параніць,
Лес маўчыць, маўчаць палі,
Толькі пчолы на паляне
Роем лёталі, гулі.

2

Ёсць у Грышкі і сястрыца
Маладзіца-Палавіца,
Недаступная такая,
Ўсюды нос яна ўтыкае:
— Тут нядобра, дрэнна там, —
Дапякае батракам.
А парою з батракамі
Проста грызлася зубамі.