Старонка:Шчаслівая дарога (1935).pdf/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Быццам дудкай-самаграйкай
Я цябе пацешу байкай, —
За марамі, там дзе горы,
За гарамі, дзе вазёры,
За вазёрамі, пад сонцам,
У закінутай старонцы
Ёсць гара.
На тэй гары,
У дубовым гушчары,
Жыў спакойна ўвесь свой век —
Невядомы чалавек.
Жыў багатым жываглотам,
Працаваць не меў ахвоты.
Ад зары і да зары —
Знемагалі за работай,
Пад крывавым, горкім потам,
Толькі птушкі і звяры.
Сам ні сеяў, ні араў,
Ледзь нагой пераступаў,
А ўсяго яму ставала —
Хлеба, солі,
Круп і сала.
Свінні дзікія аралі,
Галкі ўслед баранавалі,
Бусел сеяў,
Нават козы
Дзёрлі лыка з вербалозаў,
А мядзведзь каля кустоў
З тога лыка лапці плёў.