— Сёмка-а-а! Спы-ы- ні-і-ся-а! — прагукаў раптам Янка. Яго вокліч быў нагэтулькі асобным, што ўсе яму павініліся і пасталі. Спыніўся і Рыгор.
— Гэтта трэ‘ разьвітацца! — парадзіў Лявон. — Гэй, Рыгору, хадзі пацалуемся! — абярнуўся ён да Рыгора.
Рыгор падыйшоў к яму, прыпадняў шапку, а пасьля абняўся накрыж і тройчы расцалаваўся. Ад Лявона ён перабраў усіх; пад канец падыйшоў к мацеры і праз сьлёзы праказаў:
— Ня плач, матачка.
Але Стэпа ўжо рыдала.
— Варочайцеся, маці, дамоў! прасіў Рыгор, расцалаваўшыся.
— Не, не, я йшчэ прайду!
— Матуля родная, ня трэба!… І так далёка йсьці.
— Гэй, Грышка, садзіся! — пазваў Сёмка.
Рыгор узьлез на воз, абярнуўся к усім, і, матаючы капялюшом прагукаў:
— Бывайце здаровы! Шчасьліва аставацца!
— З богам! ды шчасьця! Усяго лепшага! — няслося за ім.
Сёмка пагнаў каня. Затарашчэлі калёсы, паднялі слупы пылу. Стэпа рыдала. Сьмяялася толькі сонца, ужо нявысока стаяўшае над зялёным лесам, ды вярцеўшыся ў душным паветры рэзвы жаваранак. дапяваючы сваю дзённую песьню.