Старонка:Цішка Гартны (1923).pdf/71

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Сын перад ёю, якога яна так доўга ня бачыла! Два гады-ы! Колькі часу! Як ён перамяніўся! Жывучы ў Сілцох, ён заўсёды хадзіў чорным і брудным, цяжка і многа працаваў і на падзёншчыне і за балагола. А цяпер — не пазнаць: нібы той пан ці хвальбарковец які: чысьценькі, беленькі, у пекным гарнітуры, у чорным дарагім капялюшы, у манішцы. Прычэсаны, прыгладжаны, паністы, гасьцінны, далікатны! Ня той, зусім ня той! Стэпе ўспаміналіся часы даўно мінуўшых дзён, калі яшчэ жыў яе гаспадар, Міхась; як ён, бывала, зарадаваўся, калі ў іх радзіўся хлопчык! „Некалі,“ — казаў Міхась — „як вырасьце наш Рыгорка, мы яго няйначай вывучым на пана. Усю працу ля яго трэ, ахвераваць, але не дапусьціць, каб ён увесь свой век працаваў так ціжарна, як мы“. Праз два гады, якія яму было суджана пражыць пасьля радзін, Міхась усё сваё шчасьце бачыў у сыне і цешыўся ім бясьсьціханьня сам і бясьсьціханьня хваліўся людзям. Але Міхасю не ўдалося ня толькі вывучыць свайго Рыгора на пана, а нават дачакацца таго часу, калі яго сын вывучыцца літары-азы: ліхая хвароба падсачыла яго, прыліпла к нядушламу целу, улезла ў яго нутро і панавала датуль, пакуль не зьвяла яго ў магілу. Стэпа дужа любіла свайго мужа, моцна-моцна плакала па ім і з-за вялікай увагі к яму дала сабе зарок ня выходзіць другі раз замуж, а ўсё жыцьцё аддаць на гадаваньне Рыгоркі. Праўда, калі мінула гадоў са тры пасьля сьмерці Міхася, Стэпа, пражыўшы гэты тэрмін удавою, многа паспытала гора, добра праканалася, што знача жыць аднэй ды яшчэ пры гэтым і дзіця гадаваць. Цяжкія варункі жыцьця вымушалі яе шукаць якіх-кольвек падпорак ля далейшага валтужаньня з жыцьцём, застаўлялі забываць аб зароку і наводзілі на іншыя думкі: „Чаму-ж ня выйсьці й замуж?“ дазвольвала яна сабе сама сумлявацца: „Я яго любіла, пакуль ён быў жывы, пакуль было каго любіць… Міхася няма, а я ўсё-ткі жыву і хочацца шчасьця, як і ўсім людзям, хочацца радасьці, як і другім, бо я гэткі самы чалавек, гэткае стварэньне… Ды і сына выгадаваць лягчэй будзе.“ Гэтыя думкі з кожным ча-