14-га сьнежня гэтага году споўнілася пятнаццаць год літаратурнае працы нашага паважанага пісьменьніка Цішкі Гартнага (Зьмітра Жылуновіча). Якраз 14-га сьнежня 1908 году выдрукаваўся яго першы літаратурны твор у часопісі «Наша Ніва» ў Вільні.
У працягу пятнаццацёх год наш шаноўны юбіляр працаваў не пакладаючы рук на ніве адраджэньня беларускае культуры. Ён — першы пясьняр беларускіх працоўных мас. Да яго першага ў нашай поэзіі зьявілася пролетарская муза і дыктавала песьняру-гарбару натхненныя песьні аб гарбарох, кавалёх, жняёх, дыктавала кліч барацьбы з багатай клясаю за лепшае жыцьцё рабочых і сялян. Шум рабочага станка, шэлест сярпоў на жытнім полі, звон касы на лузе чуваць у яго творах. Разам з гэтым яго творчасьць атулена вялікім замілаваньнем да роднага краю. Яго стыль аддае сталёвым гартам моцных мазолістых рук, прывыкшых да працы.
У знак пашаны да нашага поэты-рабочага Інстытут Баларускае Культуры выдае к пятнаццаццёхгадоваму юбілею гэты невялікі зборнічак.
Наш дарагі юбіляр знаходзіцца цяпер у поўным росквіце творчасьці. Мы ад яго чакаем яшчэ шмат творчай працы. Частка мараў нашага поэты ўжо спраўдзілася ў нашай новай Савецкай Беларусі. Мы пэўны, што яго думкі-жаданьні спраўдзяцца да канца.
Інстытут Беларуснае Культуры.