Тымчасам мула спакойна, як і раней, усё пыхкаў люлькаю. Сіняваты дым падымаўся ў прыцемках ночы над далінай. У душы папа ішло вялікое змаганьне — браліся загрудкі адданасьць козам з адданасьцю ўсемагутнаму богу.
— Мула Ізрым, бедны, няверны чалавек, — нарэшце, адважыўся поп, — я дапускаю і нават сьцьвярджаю, што я не магу, нават, каб і бог так хацеў, уваскрашаць мёртвых. Што-ж ты з мяне возьмеш за гэтую казу?
Пачаўся бясконцы торг. Мула хацеў за сваю казу Міры пару іншых коз і на прыдачу сотню піястраў.
Поп даваў адну казу і пяцьдзесят піястраў, а потым набавіў яшчэ пяцьдзесят з умоваю, што алах зусім не алах.
— Алах — зусім не алах, — паўтарыў мула, і дадаў, — таму што пяцьдзесят піястраў грошы зусім немалыя.
Так поп Богуміраў купіў казу у мулы Ізрыма.
*
На другі дзень казу Міры прывялі да папа.
Быў ясны сонечны дзень, як звычайна на Балканах перад восеньню.
У такі час чалавеку робіцца радасна. А асабліва радасна было папу Богуміраву, бо