лёваны руіны Троі, а потым на выратавальны ключ ад прыбіральні, які вісеў на сьцяне. Накшталт таго, як у даўныя часы злачынцы шукалі ратунку ад пагоні за сабою ў царквох, так і Хахолка ратаваўся тым, што хаваўся ў прыбіральню, махаючы рукой на клясычную адукацыю.
На школьнай дошцы красаваліся мудрыя выслоўі: „Стол няшырокі і нявысокі“, „Пятка — цела частка“, „Пяхотнік ёсьць воін“, „Маці — гэта не сястра“, „У Рыме было многа дамоў“, „У садзе ёсьць дрэвы“ і іншыя да таго падобныя ісьціны. Хахолка засеў у прыбіральні, у гэтым храме ўсіх тых першаклясьнікаў, з якімі кпіць доля. Ён уважаў за лепшае адседзець там да канца лекцыі — няхай яго сшытак застанецца чыстым, бяз ніводнае памылкі супроць правіл граматыкі і нават супроць духу лацінскае мовы. А калі няпамяткі настаўнік запытае, чаму ён нічога не пераклаў, дык Хахолка цьвёрдым голасам адкажа:
— Я-ж усю лекцыю праседзеў у прыбіральні.
А калі-б настаўнік надумаў ня верыць яму, дык ён прывядзе яго ў прыбіральню і пакажа на дошцы надпіс: „Вацлаў Хахолка, 16/XI“. Ён напісаў гэтыя словы вялікімі літарамі і засеў у сваім прытулку, хаця і ня зусім спакойна, але ўсё-ж больш ці менш трывала.