не, экзамены хоць і скончацца, але жахлівыя пасьведчаньні з невядомымі адзнакамі яшчэ будуць недзе ў дарозе.
Шасьціклясьнік Данэк у суботу пасьля імшы спацыраваў па полі каля невялічкага ляску і глядзеў на нізкі куст ядлоўца, што рос каля самага ўзьмежку; далей за кустом ужо ішло поле з залацістым каліўём пшаніцы. Ён глянуў на гэты ядловец і неспадзявана ўспомніў настаўніка па законе боскім, патэра Шамбэлу.
Гэты патэр меў такую-ж, як гэты куст, стаўбунаватую, усю у шышках, галаву, і ў той момант, калі ў Данэка вынікла гэтае параўнаньне, ён ужо больш не захапляўся прыродай.
Ён загледзеўся на фіялетавую кветку нейкага пустазельля, якое раскошна цьвіло сярод каласоў пшаніцы, і ўспомніў, што нядаўна патэр Шамбэла назваў яго гэткім-жа вось пустазельлем за тое, што ён, адказваючы на пытаньне, колькі было рымскіх пап з імем Сыкст, памыліўся нешта на тры адзінкі. Гэтае пытаньне ўласна было задана яму крыху неуспадзеўкі.
Ён якраз думаў пра тое, як бязглузда ён прайграў партыю ў більярд, каб ён не загарачыўся і апошнюю кулю біў з пальца, а ня з лёту, гэтага-б ня здарылася.