Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск IV.pdf/67

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

VI.

Я гарбар малады,
Я вясёлы ўсягды —
Як, працую — пяю.

Цэлы дзень за сталом
Я з сабачкай[1], з нажом
Бяз сьціханьня стаю.

І вясёл, і рачыст,
Я пад грук і пад сьвіст
Цяжкі труд прадаю.

Вось ў дыму, у брыдзе
Ля[2] братоў, ля людзей
Шчасьце й долю кую.

Хоць ад працы мае
Часам мне не стае
На’т яды даставаць,

Не гарую патом[3]
Я задужа аб том,
Як іду працаваць.

І працую ад сіл,
Бо труд вельмі мне міл —
А за працай пяю!

Я гарбар малады,
Я вясёлы ўсягды,
Ба я шчасьце кую!

|}


Гарбар на вандроўцы.

(Ахвяруецца Цімоху Гамзе).

Дожджык пакрапляе,
Дзень стаіць халодны,
Шпаламі[4] клыпае[5]
Ў пуць гарбар галодны.

Ногі чуць клыпаюць
І грабуць нясьмела;
Вочы пазіраюць
Сумна, асавела.

Апусьцілісь рукі
Ад цяжкой утомы…
Дзе-ж сканчэньне мукі
Яго — невядома.

Сэрца болем рэжа,
Сэрца болем плач…
Ў зношанай адзежы
Холадна, аднача!

Косьці боль ламоча,
Цяжар дацінае…
Гарбар есьці хоча,
Хоча — ды ня мае,

Ўчора йшчэ з астаткам
Грошы ён расстаўся:
Ў месцы на дзесятку
Ён падмацаваўся

І пашоў навочы
Холадам, слатою,
Каб дайсьці да ночы
Ў месца дзе другое.

Каб хаця дзе мала
Працы расстарацца:
Сэрцу-б лягчэй стала,
Як ісьці бадзяцца.

Але што-ж, ня чуюць
Людзі і ня бачуць[6],
Як браты гаруюць
І ў нядолі плачуць.

А на крык: „работы!“
— Ў нас няма!“ гукаюць;
Й з дзікаю ахвотай
Далей адсылаюць

Ня спытаўшы брата,
Ці ён есьці хоча,
Ці ён знойдзе хату
Адпачыць уночы…

Вось ідзе памалу,
А куды — ня знае;
З шпалы ды на шпалу
Ціханька ступае.

  1. Ножык, якім аскрабаюць скуру.
  2. Для.
  3. Потым.
  4. Бэлькі на жалезнай дарозе, на якіх паложаны рэльсы.
  5. Кульгае.
  6. Правільна — бачаць.