Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск IV.pdf/21

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Так і так, — кажа. — Ніхто ня хоча вучыцца нябесных сьпеваў; усе пяюць беларускую „дудку“. Дудар вучыць. Што рабіць?

Выйшаў Пётра на вуліцу, прыслухаўся, — праўда: па ўсім небе лунаюць беларускія песьні.

— Гэтага нельга дазволіць, — кажа тады сьвяты Пётра арханёлу Гаўрыле. — Ці не паклікаць нам сюды Дудара?

— Можна.

Ідзе Дудар, дуда пад пахай; пакланіўся.

— Дудар, — кажа сьвяты Пётра, — а ці ня лепей было-б табе пайсьці адгэтуль куды-небудзь у другое месца?

— З неба?

— Ну, ведама.

— А куды-ж мне йсьці?

— Хм, вось аб гэта-ж: куды? — Сьвяты Пётра зарумаўся.

— Чаму-ж вы хочаце, каб я адгэтуль пайшоў? Я-ж нічога благога не зрабіў тут: ня ўкраў, ня скрыўдзіў…

— Ведаю, ведаю… Справа, братка, вось якая, на небе сьвецкія песьні пачалі пяяць, — сам ты рассудзі — нягожа.

— Ну, што-ж, калі гэтак, то я пайду сабе.

— Толькі во! бяда — куды цябе адправіць?.. А можа дуду кінеш?

— Не, лепей я ўжо пайду адгэтуль.

— Куды-ж пойдзеш?

— Я знайду сабе месца. Пайду туды, адкуль прыйшоў.

— У Барысаўшчыну?

— А то куды-ж?

— А я думаў на якую-колечы зьвязду цябе паслаць.

— Нашто на зьвязду? Пайду ў Барысаўшчыну.

— Саўсім з раю?

— Э… што там рай? Наша Беларусь — гэта ня неба. У Беларусі бяз песьні нельга. Там людзі працуюць, а з песьняй чалавеку ўсякае гора ў палавіну. Буду хадзіць са сваей дудою па лясох і палёх. Будзе сядзець каля скаціны пастушок з жалейкай, нячутна падыйду да яго і зайграю яму над вухам; пачне пяяць дзяўчынка, задумаўшыся над сьветлым руччом, навучу і яе — няхай не заміраюць Беларусі песьні. Пойдуць мужы з тапарамі ў лес, я прытаюся за соснай і зайграю ім, каб спарней ішла ў іх работа. А не знайду людзей, буду слухаць, як шуміць цёмны бор, як бульчыць вада, пераліваючыся ў руччу, і падыграю ім. Эх, цяжка ў нашай старонцы, ды і добра ў ёй… Я яшчэ, як жыў, дык прасіў Бога, каб дазволіў мне па сьмерці ў Барысаўшчыне астацца. На ніякі рай не прамяняю яе.

— Ну, добра калі так, ідзі сабе з Богам, — сказаў сьвяты Пётра. А то ты ўсё неба нам папсуеш. Толькі глядзі-ж, ня крыўдуй!

— Якая тут крыўда?

Пакланіўся Дудар апосталу і выйшаў з райскіх варот на вялікую нябесную дарогу. Была ноч.

Стаў Дудар спускацца па птушынай дарозе ўніз. А калі пачуўся на волі, крыкнуў:

— Гэй, гэй! — і пачаў дуць з усей моцы ў дуду.

І гэтак ішоў ён, усё ніжэй і ніжэй, спускаючыся ў барысаўскі бок, пакуль не схаваўся ў пушчы…