Перайсці да зместу

Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск III.pdf/80

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Чыжык.

— „Чыжык, чыжык, дзе ты быў?“
— „Я на Белай Русі жыў:
Бачыў сьлёзы, жалю крык,
Як гаруе там мужык…“

— „Чыжык, чыжык, дзе ты быў,
Што ты чуў там, што рабіў?“
— „Сярод вёсак я лятаў,
Песьні сумныя зьбіраў…“

— „Чыжык, чыжык, дзе ты быў?
Што ты бачыў, што ты сьніў?“
— „Ох, шмат гора ёсьць там, шмат,
Выглядае беднасьць з хат…“

— „Чыжык, чыжык, — дзе ты быў?“
— „Па магілках я блудзіў,
Па курганах, ля дарог,
З жалю вытрымаць ня мог!…“


Падаюць лісьці.

(Ноктурно).

Лісьці пажоўклыя падаюць,
Ўбраныя кроўю і золатам,
Дыша зямля ужо холадам,
Птушкі ўжо сэрца ня радуюць…
Дрэвы ўсе сумны, прамоклыя.

Бачучы долю гаротную,
Капаюць сьлёзы прагорклыя,
Жальбамі думкі маркотныя
Душу ўсьцілаюць сіротную…
Падаюць лісьці пажоўклыя…


Ніхто маіх ня знае сьлез…

Ніхто маіх ня знае сьлёз,
Што ў сэрцы схованы глыбока,
Проч[1] роднай хаты там — далёка,
Гдзе я радзіўся, бегаў, рос;
Гдзе шоў касцоў праз горы, долы
Зык-звон вясёлы.

Ніхто маіх ня знае сьлёз,
Ніхто маей ня знае долі,
Апроч крыніцы тэй — у полі,
І вербаў сумных, і бяроз,
Старэнькай грушы у садочку,
Старых кляночкаў.

Ніхто ня знае… проч магіл,
Што траўкай-мохам зарастаюць,
Што столькі сумных дум хаваюць,
Нязбытых дум, прапаўшых сіл…
Дзе жджэ мяне дзярна ўзгор чысты
На сон вячысты…[2]

Ніхто маіх ня бачыў сьлёз.
Ніхто ня знаў мяне ў нядолі…
Апроч тэй пасекі пры полі,
Апроч ракі, плытоў і лоз
І тэй дарожкі, што пры рэчцы
Шнурком пляцецца.


∗     ∗

Калі ка мне сьмерць набрыдзе,
Спакойна ўсім скажу: „прашчай!…“
І з ёй пайду ў той сьветлы край —
Гдзе сонца ўсход, дзень ясны дзе.
У сьветлу даль, у выш да зор
Пайду, а цела кіну тут,

Каб Духам зноў ў свой родны кут
Прыйсьці — да ніў, лясоў і гор!…
„Прашчай усё, што я пазнаў,
„Што сэрцу любым так было, —
„Усё, што хутка так прайшло,
„Усё, што цяжка пражываў!…“

  1. Апроч.
  2. Пол. — вечны, адвечны.