Перайсці да зместу

Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск III.pdf/8

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Бачу я жоўтае жытняе поле, —
Коласам ціха шуміць-шалясьціць;
Межы, курган векавечны і хвоя;
Каня[1] з аднэю малітваю — „піць“.

Траўка ў ляску у цяню вырастае,
Корміцца сокам зямелькі сырой;
Птушка шчабеча — людзей пацяшае;
Льлецца крынічка, пляскоча вадой.

Ночкай ля рэчкі раздольна, прывольна!
Гуртам русалкі[2] сьмяюцца, пяюць,
Кветкі купальскай шукае бяздольны;
З зельлем шаптухі паціху снуюць…

Хочацца быць мне ў тым краю нязнаным,
Хочацца край той абняць з прастаты,
Хочацца крыкнуць: гэй, краю каханы,
Будзь мне, як маці, будзь родным мне ты!

Дай мне зрабіцца крынічкай лясною,
Бераг вадой абмываць, цалаваць;
Дай мне век цэлы дружыці з табою,
Хвойкі і зоры ў сабе адбіваць.

Дай мне купальскую кветку[3] у рукі,
Путы жалезныя мне разьвяжы,
Дай ты мне зельля на гора і мукі,
К шчасьцю гасьцінец мне дай, пакажы!

...............
Ціха. Нічога ня чую, ня бачу.
Роіцца толькі нязьведаны край,
Повен то шчасьця, то жаласьці, плачу,
То зло-хмурлівы, то сьветлы, як рай…

|}


Маці-Беларусі.

Мілая, родная старонка — маці!
Моцна2) цябе я і шчыра люблю,
Бедныя ніўкі твае, сенажаці
І нешчасьлівую долю тваю.

Горам, матуля, цяпер ты замучана,
Стогнам спавіта у сець з ланцугоў,
Рукі і ногі да слупа6) прыкручаны,
Ціха наругу ты зносіш, бяз слоў.

  1. Балотная птушка.
  2. Рачныя дзяўчаты, на павер’ях народных — утопленіцы, або няхрышчоныя.
  3. Полён. — краскі.