На шмат крыжох ужо мучылася сэрца маё акрываўленае… Шмат разоў душа мая поўнай смагай піла горкі напітак атручанай несправядлівасьці…
Шмат могілак выкапаў я ў грудзях сваіх для нявыпаўненых маладых жаданьняў і цяпер бяз нічога астаўся…
Доўга я плакаў пад старым крыжам у роднай убогай вёсцы, пакуль ужо і людзям надаела стаяць і дзівавацца, і сабакам брахаць надаела…
Ці я вінават?
Думы, дзеці душы маей, мне супакою не даюць.
Ці ўжо пад гэткай плянэтай дзяцюк радзіўся?..
Ці мо’ я сам вінават у нядбаласьці сваёй?..
Саху я ў рукі ня браў; сякера вышчарбілась, нават і лучыну рашчапаць ахвоты нямашака. Суседзі сьмяюцца, што мазалёў як-бы ня было на руках маіх.
От, пазіраў-бы, як сонейка на балоце заходзіць і стагі залаціць… Як канюх[1] плача над яварам… Цягаўся-б начамі па хвойніку, апусьціўшы галаву на грудзі, заламаўшы рукі на плечы… Заўсёды ад маладзіка да ветаха гэтак рабіў-бы…
Ці я вінават, што неяк люблю пазіраць, як жудасны лес моўчкі калышацца пад зьзяньнем зорак паўночных. Ці я вінават, што люблю на чоўне па шырокай плёсе плысьці… Над маей галавой дзікая качка кружыцца, і салодкі смутак напаўняець душу маю, нібы келіх чыстай крынічнай вадою… Ці я вінават?..
Над сажалкай.
Толькі-што маладзік узыйшоў, і купаўся ён у сярэбраных хвалях, нібы шчупак… Быццам мармурныя белыя авечкі, выглядалі хмары увакруг… Смачна спала вёска апасьля цяжкай працы летняга дня. Косы навостраныя, клепаныя віселі пад стрэхамі, прырыхтаваныя на заўтра… Толькі высокая вярбіна, над сажалкай пахіленая, адна адзінюсенька ня спала…
Бліжэй падыйшла яна да сажалкі і цуды13) ўбачыла ў гладзі люстранай вады: купаўся там анел з распушчанымі шаўковымі валасамі. Над галавой яго каронай быў залаты маладзік. На грудзях блішчэлі дыямэнтавыя[2] пацеркі зорак. Плоткі маленькія плылі ўвакруг, пазіраючы яму ў ясныя галубыя вочы…
Не разумела дзяўчынка вясковая, што яна гэта воблік свой бачыць у вадзе, і зашаптала малітву тую самую, каторую калісь-то стары дзед вучыў яе…