Перайсці да зместу

Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск III.pdf/57

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Прачнуўся Анупрэй з пераляку з туманам у мазгох ад учарашняй выпіўкі.

Вогнішча даўно пагасла.

Над высокай сасной закаркалі вароны, і недзе далёка ў вёсцы забрахалі сабакі. Анупрэй пацягнуўся раз, другі і, устаўшы, сьпіхнуў човен у ваду і паехаў вытрасаць венцяры.


З зборнічка „Абразкі“.

Плач пралескаў.

Плакалі пралескі, дзеці вясны…

Гэта раса на кволых лепясткох! — пяяў жаўранак і кружыўся над імі…

Фарбаваныя небам, узгадаваныя сонейкам, яны на чорнай зямлі не хацелі перажыць нават ад маладзіка да ветаха[1] вясеньняга месяца… плакалі ды плакалі… Месцамі на лагчынах лядок стаяў, месцамі траўкі зазелянеліся.

.     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .

Новыя нарогі панёс на плячох араты ад каваля; дзяцюк ахвотна быкоў накарміў. Палала зарніца над бярэзьнікам. У вёсцы з закураных комінаў круціўся ўверх, быццам кудзеля, белы дым — гаспадыні сьнеданьне гатавалі. Выйшла дзяўчына першы раз босая ў чыстае поле; убачыла, як пралескі сьлёзы льлюць, ды сама заплакала.

Ой, мяне за нямілага замуж выдаюць!

Ой, пагубіла я леты маладыя свае!.. — Абхапіла рукамі бярозку маладую ды абамлела разам з ёй, а вакруг плакалі пралескі, дзеці вясны…


Бяссоннасьць.

Маці ўжо вугальлё выгарнула з ямкі на чалесьнік, раздзьмухала, запаліла лучыну і села за прасьніцу, а я яшчэ нават не заснуў. Цёмна была даўгая асеньняя ноч. У млыне за возерам блішчэў агонь, чуваць было, як у канцы вёскі шумела малатарня. Я накінуў кажух на плечы і вышаў з хаты. У блізкім фальварку загаўкалі сабакі, як пачулі мяне. Брыў я па вуліцы, чапляючыся часта за мокрыя кусты. Гэтак дабраўся я да маняжа, дзе жыта малацілі; спрытна і складна ішла праца ў таку, вясёлымі і здаровымі выглядалі твары.

У гэты самы час успомніліся мне першыя словы бога: „у поце твару твайго будзеш ты есьці хлеб свой“.

Во’, калі толькі чалавек можа быць шчасьліў на зямлі…


  1. Першая і апошняя квадры месяца.