Перайсці да зместу

Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск III.pdf/53

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Та-та, тата! — кажа ён раптам.

Бацька ня чуе.

— Та-а-та, ня вы-ы-трываю!…

Ігнат штоўхае яго ў бок, каб ён маўчаў, і моліцца ізноў.

Людзі апускаюцца на калені, хінуцца[1] ўсе ў адзін бок, як кветкі да сонца…

— Та-а-тачка! сьві-сну!

Ігнат ізноў штоўхае яго ў бок і злосна кажа: «ціха».

Гул ідзе ў царкве. Габрусік на ўсіх і на ўсё пазірае вялікімі сінімі вачыма, а белая, як лён, галоўка яго ня кратаецца, ня ківаецца, як ува ўсіх.

Ціш[2] у царкве…

Украдкам, каб бацька ня ўбачыў, улажыў Габрусік па два пальцы кожнае рукі ў губу, і… зычны, закацісты сьвіст раздаўся пад высокім скляпеньнем царквы…

Перапужаліся людзі, поп перастаў маліцца.

— Што гэта? Хто гэта?

Але Габрусік ужо даўно сарваў лапцёнкі з ног і баржджэй кінуўся наўцёкі дамоў…

А хрысьціяне і не дагадаліся, што гэта была першая шчырая малітва малога Габрусіка ў царкве.


Пяць лыжак заціркі.

— Агата! Агата!

— Ну, чаго глотку[3] дзярэш?

— Скора зацірка згатуецца?

— Маеш часу пачакаць трохі, не панясу прадаваць на кірмаш, пасьпееш насёрбацца!

Яшчэ ня ўсьпела яна адказаць свайму Антосю, каторы ляжаў на пяколку[4] й стагнаў — ні то ад болю, ні то ад голаду, — як з усіх бакоў апанавалі яе дзеткі, няма ведама — хлопчыкі ці дзяўчынкі, бо яны былі адзеты ўсе ў доўгія да пят кашулькі… Запішчэлі яны ўсе ў адзін голас:

— Матка зацільку гатуе!

— Матка зацільку гатуе!

І давай скакаць кругом маці і шчыпаць за хвартух і спадніцу, як галодныя ваўчаняты.

— Матка, мне дасі!

— Матка, мне дасі!

І блішчэлі іх галодныя вочы ад радасьці…

— Ц-і-і-ха, каб вы падохлі! — крыкнула Агата. — Згатаваць не даюць, хоць ты тут на кавалкі рассыпайся! — і адагнала іх вілачнікам ад прыпечка…

Гэта было вясной, якраз у тую пару, калі самая страшэнная галыцьба пануе ў бедных вёсках, калі няма чым і муху накарміць. Леташні запас выйшаў, хоць зубамі ляскай, шчаўя яшчэ нямашака… Ня дай бог, якое цяпер жыцьцё ў гэткага гаспадара, як у хворага

  1. Нахіляюцца.
  2. Лепей - ціша, цішыня.
  3. Горла.
  4. Прыпеку ад малое печкі.