І ня спынілася машына,
А ўжо пайшла мітусяніна:
Хватаюць клумкі пасажыры,
Пад рукі б’юць зайцы-праныры[1]
Паны складаюць чамаданы,
Лубкі-каробкі, дзе схаваны
Паненак розныя прыпасы
Для завіваньня, для падкрасы,
Каб трохі зьменшыць перашкоды,
Пахібкі[2] матухны-прыроды.
Срэдзь[3] люду рознага і панства
І між усякага убранства
Відна і дзядзькава апратка —
Пільчак[4] і шапачка-аладка.
Машына стала. Валіць валам
Люд у тунэлі[5] пад вакзалам,
А з ім і дзядзька цісьне збоку,
Ад шэрых сьвіт непадалёку.
Яшчэ ніколі дзядзька з роду
Ня бачыў гэтулькі народу,
Паноў, чыноўнікаў багатых,
Такіх таўшчэразных, пузатых,
Што можна-б сьмела зьесьці булку,
Каб абыйсьці гэту качулку;
І выступаюць такім тузам,
Ідуць, ня бачаць ног за пузам,
Аж дол каменны чуць ня гнецца,
Як студзень[6], карк яго трасецца.
„Ото паноў! О, божа мілы!
Якія гладкія іх рылы!
Якія вусы і бароды!
Паставіць-бы іх у гароды —
Ні вераб’і і ні вароны
Ня сьмелі-б сесьці на загоны!
І процьма-жаж іх тут якая!“
У мысьлях[7] дзядзька разважае:
„А морды зьзяюць, як пад лакам, —
Відаць, жывуць яны са смакам.
А ўзяць паненак — ажно зьзяюць
І ходзяць — долу не чапаюць.
Так лёгка, плытка, далікатна,
Як-бы матыль той, акуратна.
Ды што рабіць дачушкам бруку?
У гэтым іх уся навука.
Растуць, як краскі, ў добрай долі,
Ня трэба йсьці з сярпом на поле,
Дзе праца ўсю красу зьнімае,
А ржышча ногі прабівае“.
Ідзе наш дзядзька і баіцца,
Каб часам як не памыліцца
І ня ступіць каму на ногі
І каб ня зьбіць каго з дарогі.
А боты, падлы, ну, відочна,
Ня так, як людзі, йдуць нарочна:[8]
На ўвесь вакзал грымяць насамі,
Як конь па току капытамі.
Дзівіўся дзядзька тут ня мала,
Йдучы тунэлем да вакзала.
Як хітра, мудра збудавана!
Як чыста, хораша прыбрана!
А колькі вулачак і ходаў,
Палітурованых[9] усходаў!
Там у гары над галавою
Ідуць вагоны чарадою!..
О, хітры сьвет, на штукі здаўся!
Тунэль тым часам разьдзяляўся,
І вал сярмяжнага народу
Ідзе да правага праходу.
Паны налева важна садзяць,
Дзе іх сярмяжнікі ня здрадзяць
Ні пахам дзёгцю, ні карчагі[10],
Ні відам латанай сярмягі.
Як вышаў дзядзька наш з вакзалу
Яму аж моташна[11] нейк стала:
Такое пекла — шум страшэнны,
Застой паветра і дух дрэнны;
Народ таўчэцца каля конкі,
Па бруку б’юць падковы звонка,
Грымяць павозкі, буды, колы,
Аж проста глушаць балаголы —
І гэта процьма ўсякіх зыкаў
Зьлілася ў гул адзін вялікі,
Дзе з няпрывычкі вуху цяжка,
Дзе б’юць па сэрцы яны важка.
Снуе народ, як на пажары,
Пад ім аж гнуцца тротуары[12].
Эй, божы люд! Якая сіла
Цябе віхрамі закруціла?
Куды ты йдзеш? чаго шукаеш?
Які ты ў сэрцы смутак маеш?
|