І мацяркі з дзяцьмі малымі
Ў лубкох-калысках за плячымі —
Такая іх жаноча доля —
Марудна цягнуцца на поле.
Прышлі на вузкія загоны,
Дзе каласочкі шумы-звоны
У тамнічны сьпеў зьлілі,
Упаўшы чолам да зямлі.
Гарачы дзень. На полі душна.
Прыціх той ветрык непаслушны,
Як-бы сваім аддаўся марам.[1]
Зацішак поля дыша варам
І гоніць з твару поту рагі,[2]
І сохнуць губы ад тэй смагі.
А жнейкі жнуць. У моры збожжа
Мільгае постаць іх прыгожа,
Калі ў паверхні таго жыта
Ўсплыве галоўка самавіта
І так прыгожа азірнецца,
А гібкі станік разагнецца,
Або калі над галавою
У жнейкі спрытнаю рукою
Пучок калосьсяў мільгатнецца,
Апіша дужку, бы вясёлку,[3]
Бы нейкай зьнічкі сьлед пагаслы,
І борзда ляжа ў перавяслы,
Што распасьцёрты на падолку…
Дапраўды: ўзмахаў гэтых мгненьне
Адна любота, заглядзеньне!
А жнейкі жнуць. Іх твар палае,
Іх пражыць, сушыць смага тая,
Якую трудна ім здаволіць,
Якая толькі „піць! піць!“ моліць.
Сярпок скрыгоча прагавіта,
Жытцо згрызаючы сярдзіта,
Як бы яму ўсё мала стравы —
Ня дарма-ж вылез ён з-за лавы
Цяпер яго краса-часіна:
Шпарчэй, шпарчэй-жа гніся, сьпіна!
І сьпіны гнуцца, бы ныраюць;
На струнах-кальвах пальцы граюць
Напрост кладуцца жмені жыта,
Растуць снапочкі самавіта,
Стаяць, бы лялечкі якія,
Глядзяць, як госьці дарагія.
Прыдзі пад вечар ты на поле
І палюбуйся ім, саколе!
Ў якія роўныя шнурочкі
Цяпер пакладзены снапочкі!
І як прыгожа-слаўны бабкі![4]
Якія ладныя іх шапкі!
І хоць яны ўсе адзінакі,
Але і выраз і ад’знакі
У кожнай бабкі асабісты,
А наагул — усе фарсісты.
Зірнеш — дальбог-жа, возьме ўцеха
І ня стрымаешся ад сьмеху:
Яны так мілы, так прыветны,
Так самавіты, так фацэтны[5]
І пазіраюць так прыхільна,
Прыгледзься толькі да іх пільна!
І многа-ж іх: нязьмерыш крокам[6]
І не акінеш нават вокам;
Стаяць радамі, зухаваты,
Як на ўрачыстасьці салдаты.
|}
На панскай службе. У той-жа дзень, праз час каторы, |