Перайсці да зместу

Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск II.pdf/108

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

А стары дуб тым часам гаварыў так. — Сынок! патрывай яшчэ трошкі, падрасьці, уздужай. О! ты яшчэ ня ведаеш, як цяжка жыць на сьвеце. Паслухай мяне, старога. Ведама — бацька: шкада яму сына. Ня пускае бацька, — ціханька шаптаў жолуд на намову ветра.

І трэба-ж было, каб гэту гутарку прачула сьвіньня! Раз, ужо зусім пад восень, жолуд убачыў, як пад дуб, рохкаючы, трушком падбегла лапавухая асоба. Углядзеўшыся добра, жолуд абамлеў: на зямлі ляжала шмат такіх-жа, які і ён, жалудоў, і сьвіньня хрумстала іх бяз усякай жаласьці. На тое-ж яна і сьвіньня, даруй божа грэх. З вялікага страху бедны жолуд задрыжаў, вылузаўся з місачкі і упаў на зямлю у двох кроках ад сьвіньні! Але ўпаў ён якраз у тую яміну, што вырыла сьвіньня сваім уласным доўгім лычом.

І вось што вышла: сьвіньня хацела паесьці жалуды — і памагла вырасьці аднаму жолуду, вырыўшы яму пасьцельку. Жолуд на другі год прарос і стаў дубком, а сьвіньню людзі закалолі, і яна стала мясам.


Малады дубок.

I.

— Ну, і людзі! — гаварыў сам сабе Максім Заруба: ну, украў, ну, сьсек, хай цябе ліха сячэ; ды не рабі-ж ты на зьдзек чалавеку, не рабі так, каб кожнаму кідалася ў вочы тваё зладзейства, гіцлю!

Максім старанна аглядаў сьляды нядаўнай кражы ў яго абходзе. Высокі, у палавіну чалавека, дубовы пень ясна выдзяляўся сярод дзеравяк і сьвяціў сваім сьветла-жоўтым верхам і сьвежымі трэскамі вокал, а шырокая, разложная верхавіна і адсечаныя сукі пазіралі так невясёла, так сумна, бы тыя пакінутыя бацькам дзеці. Зірнуўшы ўгару, Максім угледзеў маладую бярэзінку з абламанымі галінкамі. Гэта дуб, звалены бязжаласным тапаром[1], кідаючыся, чапіў яе сваімі крэпкімі сукамі.

У лесе было ціха і маркотна, толькі ўгары стаяў глухі шум старых хвой і ялін. Высокія асіны і бярозы прылучалі зрэдка і свой голас да гэтага шуму, як часамі дужэй падыхаў сыры халодны вецер і варушыў іх голае вецьце. На гэтым месцы, дзе рос дуб, мала назначылася прастору, і маладыя высокія елкі ўжо разгарнулі свае кашлатыя зялёныя лапы і занялі месца дубу. Так і за сталом жыцьця, дзе сядзіць цесная людзкая сем’я, ня пустуе месца выхвачанага сьмерцю семяніна.

Максім трывожна азірнуўся вокал, зьняў з-за плеч сваю старасьвецкую стрэльбу і паставіў каля хвоі; дастаў з-за пояса сякерку і пачаў замятаць сьляды неўпільнаванага злодзея. Ён ацерабіў верхавіну, пасьцягаў сукі ў гушчар, сьсек пень каля самай зямлі, завалок яго далей ад дарогі, пад вывараць, а тое месца, дзе быў пень, закрыў зялёным мохам. Максім сам у гэту мінуту быў крыху злодзеем. Але яму больш нічога не заставалася рабіць, як прыкрыць сьлед гэтай кражы, каб самому не нагарэла ад лясьнічага. Кончыўшы рабо-

  1. Pycіц. — сякерай.