Перайсці да зместу

Старонка:Хлябцэвіч Цётка.pdf/5

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Гэты верш, як і папярэднія, выданы быў Беларускай Грамадой у 1905 г. і распаўсюджаны ў дзесятках тысяч экзэмпляраў.

Шмат разоў пішучаму гэтыя радкі даводзілася наглядаць, з якім здавальненьнем віленскія рабочыя чыталі гэтыя вершы-проклямацыі на вуліцах пролетарскіх кварталаў.

Яшчэ з большай агітацыйнай сілай уплывалі гэтыя вершы на псыхолёгію беларускіх сялян; апошнія, упяршыню пачуўшы вершы аб волі і зямлі на сваёй роднай, простай, мужычай мове, бачылі ў гэтым прызнаньне чалавека ў мужыку і ўзвышэньне свае людзкое вартасьці, усьведамлялі сваю рабочую й сялянскую грамаду-колектыў.

Цётка адразу схапіла сваім поэтыцкім чуцьцём усю глыб і дзейнае значэньне рэволюцыйнай пропаганды на беларускай народнай мове, выражаючы простымі мужыцкімі і дзеля гэтага блізкімі для беларускіх рабочых словамі ўсю соцыяльную крыўду.

У гэтых простых, створаных народнай стыхіяй словах, адчувалася жывая туга і нянавісьць да паноў, ажыцьцёўленых у трапных вобразах, бо каму-ж, як не беларусам, давялося выцерпець столькі бяды ад розных паноў і вураднікаў, якія зьневажалі іх, называючы іх імем "хамаў" і "хлопаў"...

Соцыяльны быт беларускіх сялян адбіўся ў беларускіх народных песьнях (палявых, пакосных) з іхным рытмам працоўных дзеяньняў. Пахаджэньне беларускіх песен—працоўнае: у часе працы рытм уносіць экономію у працоўны процэс і прывучае іх да колектыўных дзеяньняў. Цётка, як дачка бедных сялян, з маленства ўспрыняла мотывы працоўных песен беларусаў, спазнаўшы разам з імі самае жыцьцё і цяжкую пад'ярэмную працу земляробаў. Вось чаму кожнае слова яе, пранікнутае соцыяльным зьместам і ажыцьцёўленае ў мастацкіх вобразах так рэволюцыянавала народныя масы, ня кажучы аб тым, што ў стасунку політычнае асьветы простая беларуская мова або, як называлі яе, мужыцкая, была самым вобразным сродкам агітацыі й пропаганды, што ў свой час (1863 г.) зразумеў віленскі Мураўёў-шыбельнік, забараніўшы ўсялякія выданьні на гэтай мове (забарона трывала да 1905 году).

Уплыў агітацыі і пропаганды на беларускай мове адпавядаў псыхолёгічнаму складу беларусаў і дзеля таго быў мацнейшы за выданьні на расійскай мове, асабліва на сялянскія масы Беларусі.

У гэтым пішучы гэтыя радкі беспасрэдна праканаўся ў вёсках Бельскага, Беластоцкага і Слонімскага паветаў Горадзеншчыны, а таксама і ў Віленскім павеце (у сёлах каля Нова-Вілейску).

Асаблівай популярнасьцю пасьля вышэйпаказаных вершаў Цёткі карысталася беларуская газета "Наша доля" (усе шэсьць нумароў яе былі конфіскаваны ў 1906 г. ў г. Вільні) і потым заступіўшая яе месца „Наша Ніва".

У гэтай газэце відны ўдзел прымала Цётка, зьмяшчаючы вершы, будзіруючыя рэволюцыйную энэргію працоўных мас. Якую ролю адыграла "Наша Ніва" для грамадзянскага выхаваньня мас у часе царскага рэжыму відаць з таго, што яна ўпяршыню выявіла беларускіх поэтаў з народнае масы, як Якуб Колас, Янка Купала, Цішка Гартны і інш., якія цяпер зьяўляюцца гордасьцю беларускае поэзіі.

Вось чаму рэволюцыйны рух сярод беларусаў, які пачаўся барацьбой сялян з панамі, даў моцны штурхач да нацыянальнага самавызначэньня народу і цяпер сумяшчаецца з клясавым. Гісторыя ў гэтай краіне спаяла апошняе з нацыянальным вызваленьнем, якое, у сваю чаргу, разьвівалася на соцыяльна-экономічным грунце.