Еука. Не перабівай, калі кажу, а слухай, а то казаць ня буду!
Піліп. Ну, ну ня буду!
Еука. Што я казала? Ага! Адно яму ўдалося нож з рук яго выбіць… Ня вышаў-бы ты жыў, каб Астапка наважыў цябе зарэзаць, нябось. Ня такі ён!.. Ага, а станавы ў места яго адаслаў, у турму… А пан так сама за ім езьдзіў і да станавога і ў места, каб прыпільнаваць, кажуць, каб добра яго засудзілі. Многа грошай, кажуць, з сабой узяў… Вось быў Астап і няма!.. (плача, а маці прадучы, сьлёзы выцірае).
Піліп. Вось і шукай тут праўды на сьвеце!.. Здаецца-б хто, а то паны!.. Пойдзеш у двор — такія, здаецца, добрыя, так аба ўсім хораша гавораць. А паглядзіш, дык вось што вычвараюць… Ну, я гэтаму панічу не дарую, папомніць ён мяне! Балазей, у маскалі ня трэба ісьці…
Макрына (уваходзячы). Так яго, так! і сакол арла паб‘е, як зьнячэўку нападзе. Ха-xa xa!…
(Завеса).
1903 г.