Старонка:Уступамі да Акцябра.pdf/6

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

сялянскіх зьездаў і пасьля вядомыя паўэсэры, паўкадэты магілёўскія вобласьнікі. У Магілёве, Менску, Бабруйску і інш. гар. ішлі нясупынныя выступленьні й офіцыяльная компромітацыя беларускага соцыялістычна-нацыянальнага руху ў яе кіраўніку, Беларускай Сацыяліст. Грамадзе. У Магілёве нёс гэта на сабе нейкі Гольман, у Бабруйску—-Караткевіч, у Менску— Несьцераў, пасьля ў 1918 г. кіраўнік чэхаславацкіх мяцежнікаў на Волзе. Для контрагітацыі беларускаму нацыянальна -соцыялістычнаму руху, апроч сілы ўласьці, імі ўжываліся й нячэсныя спосабы хлусьні ды маны. Квінтэсэнцыяй для розных плётак служыў злопалучны Р. Скірмунт, якога надало ліха зьезду беларускіх грамадзянскіх дзеячоў 25 сакавіка 1917 г. выбраць у нацыянальны комітэт. Ня гледзячы на тое, што Соцыялістычная Грамада мела гістарычную заслугу, як рэволюцыйная партыя Беларусі, і стаяла пась­ля Фэўральскай рэволюцыі лявей эсэраў і меншавікоў, апошнія называлі яе памешчыцай партыяй, абы апаганіць перад працоўнымі беларускімі масамі патрэбу іх нацыянальнага вызваленьня...

Агульны ўзрост і ўзмацаваньне контр-рэволюцыйнага руху, чым далей ад фэўраля да чэрвеня, зрабіў уплыў і на паправеньні новапрынятых сяб­роў у петраградзкую організацыю Беларускай Сацыяліст. Грамады. Побач з наплывам рабочых, які ня сьціхаў, а захопліваў завод за заводам, у Пецярбурскую організацыю Б. С. Г. паціху прасочваліся й нявыразныя соцыялісты. Левыя лёзунгі і рашуча-рэволюцыйная тактыка іх палохала, і яны пакладалі ўсе стараньні, каб адцягаць організацыю ўправа. У ліку гэткіх быў Я. Варонка, які выпадкова папаў у Грамаду, зьявіўшыся на яе сход па прапазыцыі Э. Будзькі і выказаўшы свае паслугі выдаваць «на ўласныя сродкі» беларускую газэту.

Збавеньнем ад ухілу ўправа Пецярбурскай організацыі Б. С. Г., зра­зумела, былі яе сябры з рабочых. Колькасьць іх і перавага да таго былі значны, што нельга было баяцца нічога. Тым болей забясьпечыла гэта заснаваньне райённых організацыяў Б. С. Г. Несупынны наплыў рабочых з ваколіц гораду рабіў працу Пецярбурскай організацыі сумбурнай і нека­рыснай. Каб яе палегчыць і накіраваць у належны бок, у пачатку траўня была адчынена Нараўская райённая арганізацыя Б. С. Г. За ёю заснавала­ся Выбарская, Васілевастроўская і Нэўская. Кожная з іх сумела павясьці шырокую працу сярод беларусаў рабочых заводаў сваіх райёнаў. Але самая моцная работа расхілілася ў Нараўнай районнай організацыі. Рабочыя-беларусы, якіх працавала вельмі многа на Пуцілаўскім заводзе, шчырэй дру­гіх адгукнуліся на агітацыю Б. С. Г. і масамі пачалі запісвацца. За кароткі час па адчыненьні Нараўскай районнай організацыі Б С Г. у яе запіса­лася да 200 чалавек выключна рабочых Пуцілаўскага заводу. Організацыя расла не па днёх, а па часох, гуртуючы навакол сябе першыя кадры для Савецкай Беларусі і робячыся надзейным ахоўнікам шчыра-пролетарскіх ідэяў у беларускім соцыялістычным руху.

Цэнтральнай Пецярбурскай оргапізацыі Б. С. Г., пасьля заснаваньня районных, стала шмат лягчэй праводзіць левы напрамак і наогул выступаць ад беларускіх соцыялістычных масаў. Таксама лягчэй зрабілася адкі­даць ліхамысныя закіды ў Грамаду з боку эсэраў. Як-ні-як, а рабочая падстава беларускага руху ў Пецярбурзе была нясумненнай. Можна было пазакідваць і меншавікам эсэрам. Вось за гэтым перш управа Пецярбурскай організацыі Б. С. Г., а пасьля 4— чэрвеня і Цэнтральны Комітэт, часова застаўлены ў Петраградзе, зварочвалі галоўную ўвагу на падтры­маньне Нараўскай і другіх райённых організацый. Адзін за другім склікаліся бюром Нараўскай організацыі рабочыя мітынгі, на якія сыходзілася шмат людзей, у якіх прамоўцы Грамады карысталіся агульнай прыхільнасьцю, а