Старонка:Урачыстасьць (1925).pdf/23

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Але між гэтым пот і кроў,
І стогн, і енк, і мукі жалю
Даўгіх гадоў, цяжкіх вякоў
З сябе адмшчэньне выплаўлялі.

З сакрытых стул, з нябачных шчэл,
Што дзень мінаў — яно ўставала,
І сотні душ і сотні цел
Жалезнай сілай гартавала.

Ал шэрай стоптанай зямлі,
Ад потам вылітага долу
Пачаў сягаць да вышыні
Парыў разбуджаны, вясёлы.

А з-пад навісшага цямна
Ўсачыў народ ў сьвятле далечы
Ды гук падаў: „Вось там яна,
Краіна вольнасьці адвечнай!“

Палаў і рушыў ў грамадзе,
Бы хвалі морам ў подух буры…
І грымнуў гром яго падзей
Ды зьняў з жыцьця выраз пануры

Яно ўсьміхнулася, як дзень
На ўзьмежжы цёмнай доўгай ночы,
І краю шлюбны перасьцень
І валь адзела падвяночы.

Гартуй-жа сілы, ўстаўшы Сьфінкс!
Хай попел вецер вольны сее…
Няволі доўгай рабскі чынш
Зьнялі ўжо рукі Промэтэя.