Старонка:Урачыстасьць (1925).pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

НА РАДУ

Дэпутатам Другога Беларуск. Зьезду Саветаў — 13/XII 20.

Ад вольных вёсак, з дальніх мест,
Дзе векі сумна ўсё маўчала,
Іх прага к творчасьці сабрала
Ў дзяржаўны Менск на радны зьезд.

Разьбіўшы мукі чорных дзён,
Ярмо разбурыўшы прыгону,
Прышлі яны на вокліч звонны
Тварыць краіне свой закон.

Вякі нявольнікі паноў
Ў глыбі душы сачылі мэту —
Сказаць галосна ўсяму сьвету,
Што край рабочых, мужыкоў

Прыжджэ пары, пары тае,
Калі зазьзяе адраджэньне.
Цяпер вось гэтае здарэньне,
Цяпер той момант настае.

Хоць ран усіх ня ссохла кроў,
Хоць гной у рэзах ўсё-ж сачыцца,
Ў муры свабоднае сталіцы
Сышлося соткі пасланцоў.

На сойм працоўных, на парад
Прышлі яны з рашучым словам —
Паставіць вечную аснову
Пад родны свой Савецкі лад.