Старое пакаленьне пісьменьнікаў нясло на сабе ўвесь цяжар змаганьня за край, за працоўны народ за права адраджаць яго культуру і… пісаць для яго. Заданьні — нявыказнай труднасьці, заданьні, якія ні званьня, ні каліва не дазвалялі старэйшым пісьменьнікам думаць аб сабе.
Цяперашнія часы — іншыя. Малодшае пакаленьне песьняроў ды пісьменьнікаў вырасла на вольнай зямлі. Усе дадатнасьці ўмоў для разьвіцьця, для дасканалага самаўсталяваньня, на далоні. Савецкая ўлада, бяспрыкладна ў гісторыі, адчыніла шырокі шлях да культурнай творчасьці, неасяжныя мажлівасьці перад кожным, хто шукае, хто рвецца да аўладаньня культурнымі скарбамі. Не патураць на гэта, глядзець у гэты бок з нядбайствам — праступак у адносінах да сябе, да свайго і разам да агульнага дабрабыту. Да шкоды, сярод беларускіх маладых пісьменьнікаў наглядаецца гэта ў вельмі выразнай форме. Прычын гэтаму многа. Найважнейшая з іх — гэта параўначая лёгкасьць, з якою можна зьявіцца ў сьвет. Усякая друкаваная рэч, зразумела, надае яе аўтару гордасьці, задзёру і самалюбства. Калі надрукаваных рэчаў больш, адпаведна ўздымаюцца ў аўтара пералічаныя асабістасьці. І часта-густа самаўпэўненасьць да таго абурае ім, што кніжкі, што праца над самаадукацыяй адпіхаюцца новамодным пісьменьнікам далей ад сябе, і ён застаецца на ўсё жыцьцё з тым, з чым пачаў пісаць. Гэткім чынам у здольных ад натуры людзей талент засыхае